Момант гульні

На мінулым тыдні ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы завяршыліся X Сусветныя харавыя гульні. Беларусь сёлета была там прадстаўлена толькі ў судзейскім калектыве — у якасці члена журы амаль два тыдні правяла на музычнай Алімпіядзе наш дырыжор Інэса БАДЗЯКА. “К” сустрэлася з ёй адразу па вяртанні з афрыканскага кантынента.

/i/content/pi/cult/701/15382/19.JPGІнэса Міхайлаўна — загадчык кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і мастацкі кіраўнік студэнцкага хору кансерваторыі, дацэнт, старшыня Беларускай асацыяцыі харавых дырыжораў і член Сусветнай харавой рады міжнароднай арганізацыі Interkultur, якая з 2000 года і займаецца гульнямі.

Што гэта такое

Харавая Алімпіяда праводзіцца раз на два гады. Упершыню яна адбылася ў аўстрыйскім Лінцы. Затым хары з усяго свету з’язджаліся ў паўднёвакарэйскі Пусан, нямецкі Брэмен, кітайскі Сямынь, Шаосін, аўстрыйскі Грац, Цынцынаці ў ЗША, Рыгу, Сочы. Сёлета спевакоў больш чым з 60 краін прымала гарадская акруга Цвана, на тэрыторыі якой знаходзіцца сталіца ПАР — Прэторыя.

З 4 па 14 ліпеня журы ацэньвала выступы каля 300 калектываў (у складзе самага вялікага з іх — 141 чалавек). Усе ўдзельнікі размеркаваны па 27 розных катэгорыях — дзіцячыя хары, юнацкія, універсітэцкія, камерныя, жаночныя, мужчынскія, змяшаныя, хары 55+, джаз, госпел, фальклор і іншыя. Арганізатары гульняў падлічылі, што калі б без перапынку спявалі толькі канкурсанты, то іх агульны канцэрт доўжыўся б чатыры з паловай дні!

Хто там спявае

— Удзельнікі — толькі аматары. У асноўным, харавы рух у свеце і складаецца з аматарскіх калектываў, — тлумачыць Інэса Бадзяка. — У некаторых краінах спевакі плацяць прафесійнаму дырыжору, каб ён з імі працаваў. У гэтым сэнсе мы пакуль зусім у іншай сітуацыі — самі шукаем працу і спрабуем ствараць калектывы. На гульні можа падаць заяўку любы хор. Суддзям часам было вельмі складана. Вось як параўнаць, калі прадстаўлены розныя школы і нацыянальнасці? Прыязджаў хор з Індыі, з Ямайкі. Складана нават уявіць, што ў іх манадыйнай культуры ёсць харавое гучанне./i/content/pi/cult/701/15382/20.JPG

Як гэта адбываецца

— У спаборніцтва ёсць дзве асноўныя формы — адкрыты конкурс і чэмпіёнскі. Пры ўмове, што калісьці калектыў браў удзел у нацыянальным фестывалі ці якой-небудзь падзеі Interkultur (а іх штомесяц праводзіцца вельмі шмат) і атрымаў медаль, ён мае права выступіць у чэмпіёнскім конкурсе. Калі хор не мае вопыту ці разумее, што не дацягвае да чэмпіёнскага ўзроўню, спявае ў адкрытым. Ёсць магчымасць асобна выступіць перад журы, каб атрымаць рэкамендацыю, у якім конкурсе лепш удзельнічаць. Падчас гульняў калектыў можа выбраць дырыжора, які потым працуе з хорам гадзіну над адпаведным творам.

Усе выступаюць па раскладзе. Звычайна гульні выглядаюць прыкладна так — цырымонія адкрыцця, адзін конкурс, яго закрыццё, зноў адкрыццё, другі конкурс і ўзнагароджанне. Гледачы набываюць на выступы білеты.

Хто ставіць балы

— Каманда журы сёлета складалася з 48 чалавек, якія прадстаўлялі каля 30 краін. Мы працавалі амаль два тыдні, мяняліся паміж сабой, звычайна суддзяў яшчэ больш. У членаў журы былі свае сакратары, якія прыносілі і забіралі ўсе бланкі з адзнакамі, каб не ўзнікала ніякай блытаніны. Для кожнай катэгорыі ўдзельнікаў распрацавана дакладная бальная сістэма, па якой ацэньваецца інтанацыя, адпаведнасць партытуры, гук, агульнае мастацкае ўражанне і гэтак далей. Ты прыязджаеш і прытрымліваешся ўсім зразумелых правілаў. У выніку дырыжор кожнага калектыву-ўдзельніка атрымлівае аркуш, дзе пазначаны адзнакі кожнага члена журы.

Атрымаць запрашэнне судзіць харавы конкурс можа спецыяліст, які падтрымлівае сувязь з Interkultur — праз майстар-класы, выступы, іншыя фестывалі. Сёлета ў журы з’явілася некалькі новых чалавек, але некаторыя працуюць ужо на восьмых гульнях. І гэта людзі, прысутнасць якіх павышае статус спаборніцтваў. Для любога хора вельмі ганарова бачыць у журы аднаго з паважаных і ўплывовых людзей сваёй краіны.

Хто перамагае

/i/content/pi/cult/701/15382/IMG_3806-S.jpg
Інэса Бадзяка і Stirling high school Chamber Choir

— Чэмпіёнам у сваёй катэгорыі называецца толькі адзін калектыў, але астатнія могуць атрымаць золата, срэбра і бронзу. Бальная сістэма дазваляе прысудзіць золата пры розным выніку, то бок, шанс яго атрымаць ёсць у некалькіх хароў. І гэта працуе на агульную ідэю.

Калі мы перамаглі са студэнцкім хорам у Гуаньчжоу — у адной намінацыі ўзялі золата і былі трэція па спісе па балах — музыканты з нашых колаў казалі: “Яны не перамаглі, бо толькі трэція”. З аднаго боку, гэта недасведчанасць. З іншага — зайздрасць. Але жыццё існуе не толькі ў Беларусі, і ў сусветным масштабе часам важней даць пяць залатых медалёў, каб узровень харавога мастацтва ў краінах-удзельніцах быў падтрыманы, каб СМІ распавядалі пра гульні там, куды прывязуць гэтыя медалі, каб дырэктар, напрыклад, не змяніў кіраўніка хору, не ўбачыўшы аддачы ад укладзеных у спаборніцтвы сродкаў.

Чаму Афрыка

/i/content/pi/cult/701/15382/IMG_3655-S.jpg

— Гарады і рэгіёны самі выказваюць жаданне правесці гульні ў сябе. У выніку прымаецца заяўка, з якой бачна, што прапанаванае месца рэальна можа прыняць у сябе такое маштабнае мерапрыемства. Цвана — афрыканскі рэгіён, які выступіў ініцыятарам правядзення харавых гульняў на сваёй тэрыторыі, бо там нацыянальных харавых фестываляў і конкурсаў шмат, а ўвагі да іх — мала. Алімпіяда — магчымасць прыцягнуць увагу дзяржавы да харавога мастацтва ў Афрыцы. Адкрыццё і закрыццё праходзіла на вялікай Сан-Арэне. Астатнія выступы — у цэрквах і ўніверсітэцкіх залах Прэторыі. Яе ўніверсітэт найлепшы на афрыканскім кантыненце. Яму ж 110 гадоў. Ён прыватны, мае высокі статус. У студэнцкіх гарадках — фантастычныя краявіды, вялікія будынкі са сталовымі і кафетэрыямі. Усё арганізавана ў зручную прастору, якая не ламае прыроду. Паўсюль — выслоўі Нельсана Мандэлы.

Наступныя гульні адбудуцца ў 2020 годзе ў Фландрыі. Не ў Бельгіі, а менавіта ў яе канкрэтным рэгіёне. У Цване ўжо адбылася перадача сцяга, цырымонія прадстаўлення краіны і месца наступных спаборніцтваў. То бок, ужо праведзена вялікая работа — падрыхтаваны відэаматэрыялы, ёсць пэўныя дамоўленасці, рыхтуюцца месцы для выступаў, гасцініцы

Ці задзейнічана Беларусь

— Гэта мае другія гульні менавіта ў якасці суддзі, а ўвогуле трэція, было шмат іншых лакальных конкурсаў Interkeultur, — кажа Інэса Бадзяка. — Па два беларускія калектывы ўдзельнічалі ў Алімпіядзе ў Рызе і ў Сочы. Хары невялікія, таму, напэўна, спевакі змаглі дамовіцца і заплаціць за ўдзел і жыллё. Я ўсім кажу: “Збірайце грошы, ездзіце адпачываць з адукацыйнымі мэтамі — гэта прынясе вам сяброў, будучае і сэнс існавання ў прафесіі”. Але пакуль бачу такую праблему — на што людзі гатовы патраціцца. Не ўсе фестывалі могуць браць на сябе выдаткі, таму для ўдзелу ў гульнях трэба шукаць фінансавую падтрымку. Важна, каб дырыжоры, спевакі, кампазітары думалі пра тое, што мы частка харавога свету. Мы можам прадстаўляць краіну на годным узроўні!

Пакуль атрымліваецца, што ідэя ўдзельнічаць у Сусветных харавых гульнях і глядзець, што адбываецца за межамі Беларусі, не цікавіць людзей ці яны баяцца складанасцяў і гатовыя вырашаць толькі лакальныя пытанні. Але ўдзел у падобных мерапрыемствах — магчымасць убачыць іншыя рэчы і потым рэалізоўваць іх у сябе.

Мая мара — прывезці які-небудзь з фестываляў Interkultur да нас. Але для гэтага тут мусіць быць створана свая каманда. Мара многіх харавікоў — адраджаць такія конкурсы і фестывалі ў нашай краіне. Яны былі! Памятаю, як прыязджала з Віцебска ў Мінск на Рэспубліканскае свята дзіцячай песні, якое арганізоўваў Віктар Роўда — поўная зала дзяцей з усіх абласцей і мы спяваем разам. Вяртаецца “Харавое веча”, але яго трэба праводзіць не на вуліцы, дзе многае губляецца.

Я шмат езджу і бачу, хачу дзяліцца гэтым вопытам. Паўсюль людзі вырашаюць свае праблемы і такія ж, як у нас: у мяне калектыў, я хачу яго вывезці, змагаюся з адміністрацыяй — школьнай, універсітэцкай, завадской… Паўсюль узнікае такі момант: а навошта нам гэты хор? Толькі як патлумачыць, што адзін чалавек — канцэртмайстар ці дырыжор — вырашае праблему сотні і больш. Таму што чалавек, які выхоўваецца ў хоры, выхоўвае і іншых вакол сябе. Мне хацелася б, каб у нас былі ўрокі менеджменту ці валанцёрскія летнікі, дзе вучылі б працаваць у камандзе. Што мы і спрабуем рабіць разам з актыўнымі музыкантамі, дырыжорамі і харавікамі, арганізаваўшы Беларускую асацыяцыю харавых дырыжораў. Паўтары гады аб’ядноўваем калег, выхоўваем пэўны тып мыслення, працуем над менавіта калектыўным вырашэннем ідэй у сваім асяроддзі.

Маё дзяцінства звязана з тым, што мы з школьным хорам увесь час кудысьці ездзілі. Разам з намі выступалі і хары фабрык і заводаў. Розныя пакаленні збіраліся і спявалі разам.

Сёння такога няма. Ведаеце, што аб’ядноўвае ўсе калектывы, якія перамагаюць у Сусветных харавых гульнях? Акрамя таго, што яны выконваюць складаную праграму, унісоны ў іх добрыя, гармонія, баланс паміж партыямі. Гэта дзівосная ўцягнутасць саміх спевакоў у працэс. Рытмічнае і эмацыйнае яднанне людзей у адзін момант, адну ідэю — гэту сілу мастацтва не ўсе бачаць. Рэлігія можа быць рознай, палітыка, адукацыя, але эмацыйны складнік у людзей усіх кантынентаў аднолькавы. Уяўляеце, што адбываецца, калі яны збіраюцца разам? У рытмах і мелодыях адбываецца нацыянальная ідэнтэфікацыя.

Аўтар: Вераніка МОЛАКАВА

аглядальнік рэдакцыі рэдакцыі газеты «Культура»

Добавить комментарий